Людміла Рублеўская
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны


Пралог


Мора ля прычала смярдзела, як быццам русалкі пераквасілі капусту. Марскую, вядома.

Крываносыя чаіцы брыдка лаяліся хрыпатымі галасамі, забыўшыся, што калісьці карміліся з рук ангельскага святога Баўтрамея і вядуць свой род ад грэцкага князя Кеіка, ператворанага ў птушку. За што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку — з фанабэрыстай Герай.

Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы — крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.

Нават Адысей, які дваццаць гадоў плыў да гэтага берага, завагаўся б — ці прычальваць?

Але Адысей быў усё-ткі царом, хоць і дробненькім. А простым людцам і тут было хлебна і рыбна. Порт Латэ гуў, нібыта павятовы сеймік у далёкай ліцвінскай Рэчыцы альбо Наваградку. Мінакі з мястэчка Манпелье, што знаходзілася непадалёк ад порта, у гарах, штурхаліся гэтак жа, як шляхцюкі ў дзвярах менскай ратушы.

Праўда, жанчыну з дзіцем на руках, якая стаяла, кагосьці чакаючы, на прасоленай морам брукаванцы ўзбярэжнай, ніхто штурхануць не насмеліўся б.

І не таму, што матрасня, загарэлая да чарнаты, докеры з аршыннымі плячыма ды партовыя гандляры, увішныя, як вугры, у слаўнай правінцыі Ланге­док раптам пачалі шанаваць высакародных дам. Ну хаця б з нагоды нядаўняга вяселля шаснаццацігадовага дафіна з аўстрыяцкай прынцэсачкай Марыяй Антуанэтай. Не, наконт прынцэсачкі і ейнага нядошлага сужонца яны маглі толькі шчодра адсыпаць слоўцаў, салёных і вохкіх, як мора.

Проста тую жанчыну, што стаяла, трымаючы дзіця, на ўзбярэжнай порта Латэ, немагчыма было штурхануць — столькі годнасці і трывожнага чакання ў паставе. Не юная, але стройная і вытанчаная, як шахматная фігура. Скура бялюткая без пудры — дый увогуле пані пагарджала бяліламі, чырваніламі ды іншымі неабходнымі даме галантнымі рэчамі. Вялізныя сінія вочы праніклівыя і нават уладныя... А раптам якая герцагіня альбо прынцэса, вымушаная таемна, пад чужым імем, адужваць дарогу? Дый вопратка на ёй вунь якая дарагая... Сукенка з аксаміту колеру спелага каштана, вышытая срэбрам, модны капялюш з заломленымі брылямі і белым пухнатым пёркам, як маленькі карабель з ветразем, пальчаткі з шэрага ліёнскага шоўку, каралі з буйных перлінаў... У белых акуратных кудзерках парыка, як расінкі, таксама паблісквалі перліны. Так старанна прыбіраюцца, калі рыхтуюцца да спаткання з дарагім чалавекам, якога даўно не бачылі, калі так хочацца, каб захапіўся, каб не расчараваўся...

Але дзе ж ён? Пэўне, не варты такой кабеты. Бо толькі апошні бэйбус ды лабідуда мог пакрыўдзіць яе няўвагай. За такіх б’юцца да Пятровых ключыкаў, а не змушаюць чакаць.

Дружны роў засведчыў, што матросы ў белых шапках перамаглі чырванашапачных, і гэтую падзею належала як след адзначыць ромам, джынам, к’янці... Ці што тут яшчэ п’юць, у слаўнай правінцыі Лангедок, пад абсыпанымі ружовай квеценню атрутнымі алеандрамі і дрэўцамі граната з такімі зыркімі чырвонымі кветкамі, што хацелася прымружыць вочы, як ад бляску напоўненага добрым віном крышталёвага келіха.

Дама мацней прыціснула да сябе чарнавокую дзяўчынку гадоў двух, прыбраную як на баль, у карункавай сукеначцы і пышным каптуры з ружовымі бантамі. І чаму, цікава, такая радавітая мадам не мае нянькі? Хіба справа арыстакраткі — важдацца з дзецьмі, што могуць упэцкаць убор, за які можна купіць некалькі коней?

Гледачы яшчэ больш здзівіліся б, калі б уведалі, што пані ніколі не наймала для свайго дзіцяці не толькі нянькі, але і карміліцы. На такое маглі наважыцца адно паслядоўніцы блюзнера Жан Жака Русо, які заклікаў французскіх дам не баяцца сапсуць фігуру, не зацягвацца ў гарсэты падчас цяжарнасці, самім карміць немаўлятаў грудзямі і не аддаваць іх на выхаванне наймічкам...

Але паколькі сінявокая дама ў вышытай срэбрам сукенцы была прыезджай, чужынкай — вунь ейны таўсманы слуга разгублена топчацца каля нагрувашчаных куфраў, быццам п’яны цюлень, — дык ёй можна паблажліва дараваць парушэнне традыцый. Выправіцца ў далёкае падарожжа, ды яшчэ на караблі, з такім малым дзіцем, ды ў суправаджэнні аднаго нягеглага слугі! Напэўна, мадам адчайна смелая, нібы індыянская царэўна Пакахонтас.

Але ў гожых сініх вачах усё выразней можна было заўважыць разгубленасць. Дама нават дзіця да сябе туліла, змінаючы неверагодна пышныя карункавыя спаднічкі, быццам хацела за яго схавацца. І зноў і зноў аглядала стракаты пейзаж порта Латэ, не зважаючы на цікаўна-прагныя позіркі мінакоў. Той-сёй з цёмнай партовай публікі нават затрымаўся непадалёк, прыкідваючы, ці не ўдасца скарыстацца з бядотнага становішча прыгажуні, у якое яна відавочна патрапіла. Шчэ трохі — і міжвольная павага да заезджай гожасці знікне, і на даму накінуцца з прапановамі завезці ў самы лепшы гатэль слаўнага мястэчка Манпелье пад назвай «Лунарэ», паднесці куфры, прадаць ёй...

Ну, прадаць тут маглі нават тоўчаны рог адзінарога, а не толькі цюльпаны — кроў французскага траўня, ці круасаны з вішнёвай накрыпкай або знакамітыя лангедокскія каўбаскі — іх прадавалі гарачымі, падсмажанымі тут жа, на невялічкіх пячурках... Гэтак жа, як і рыбу — срэбныя, як талер, сардзінкі, пляскатую, нібыта патрапіла пад капыты Няптунавых коней, камбалу, злосна-чырвонага марскога акуня...

Герцагіня не пагрэбавала б такой рыбкай!

Пані, аднак, не была ні герцагіняй, ні прынцэсай, і нават нарадзілася не ў шляхецкай сям’і. Яна ўздыхнула і зноў кранула дасканала акрэсленымі вуснамі шчочку дачушкі, якая зацята круцілася на руках у маці, ажно белы атласны чаравічак ледзь з ножкі не саслізнуў, павіс на развязанай стужцы.

— Сафійка, родненькая, пацярпі... — прагаварыла жанчына і зноў абвяла трывожным позіркам порт.

Магчыма, каб быў тут выпускнік мясцовага ўніверсітэта Мішэль Настрадамус, прадказаў бы ён даме, якія мітрэнгі прарокуюць ёй зоры.

А калі ведаеш, што прарокуюць зоры, чаго тузацца — плыві сабе, як зорная парушынка ў эфірах...

А каб быў тут іншы выпуснік медычнага факультэта старажытнага ўніверсітэта Манпелье Франсуа Рабле, дык пажартаваў бы весела і груба, або нагадаў, што «ўсе скарбы, над якімі раскінуўся нябесны звод і якія тоіць у сабе зямля, не вартыя таго, каб з-за іх хвалявалася наша сэрца, узбурваліся нашы пачуцці і розум».

Але пані размінулася ў часе з абодвума тутэйшымі геніямі на пару стагоддзяў. Таму ёй заставалася чакаць і спадзявацца.

— Мама, на ножкі хацу! Пусці! — запатрабавала малая Сафійка.

— Вой, пані Саламея, патрапілі мы ў нерат! — заныў слуга, абціраючы шапкай спацелы круглы твар, які так лёгка было ўявіць за карчомным ста­лом. — Ці не пераблытаў штось наш пан Баўтрамей? Ці не забыўся ён на няшчасных, што дзеля яго ледзь вытрывалі гэтае клятае падарожжа? Абдзяруць нас зараз бусурманы як лазу на лапці...

Жанчына нервова азірнулася на слугу, кароткі вэлюм, які быў накінуты на яе капялюш, узмахнуў празрыстым крылом.

— Памаўчы, Хвэлька! Не кажы глупства. Бутрым ніколі б не...

— Пані Саламея!

Пані страпянулася, заазіралася, яе ўсхваляваны твар асвяціўся надзеяй. Расштурхоўваючы натоўп, да госці набліжаўся малады пан — з тых, пра каго кажуць, падэшвы на хаду адарве. Ладная пастава, блакітныя вочы, пшанічны чуб, светлыя вусы, шабля пры баку драпежна паблісквае каменнямі на дзяржальне — укусіць увобмірг, як што. Гарэзная ўсмешка часам рабіла пана падобным да васямнаццацігадовага шкаляра, які напускае ў пакой злога прафесара налоўленых на могілках варон. А часам вусны іранічна крывіліся, і іх уладальнік здаваўся зусім сталым, быццам выпіў не адну чару воцату з рук Фартуны. Жанчыне ў вышытай срэбрам сукенцы пан усміхаўся радасна, але й трохі вінавата. Яго абагнаў чарнавокі хударлявы хлопчык гадоў дзесяці, апрануты ў акуратны камзол з залатымі галунамі і таксама з шабляй пры баку. Хлопчык намагаўся паводзіцца годна, паважна, каб адразу казалі — «во, які дарослы!», але не вытрымаў, працягнуў рукі і кінуўся да кабеты.

— Мама! Сястрычка!

— Алесік! Родненькі! Пан Вырвіч! Пранціш!

Светлачубы пан Вырвіч паспеў трапна даць выспятка нейкаму падшыванцу, які цэліў да пакінутых без прыгляду куфраў, прыабняў жанчыну з дзіцем, потым паляпаў па плячы расчуленага Хвэльку, што паўтараў, як узмужнелі шаноўны пан Пранціш ды паніч Аляксандр... Нават партовыя чайкі пачалі крычаць нешта больш лагоднае.