Сяргей Кавалёў
МЭВА


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Мэва. Казкі: Для сярэд. шк. узросту, — Мінск: Юнацтва, 1988. — 76 с..: іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


НЕЗАБУДКА БЕЛАЯ


У гэтым маленькім горадзе не было ні дымных каміноў, ні хуткіх машын. Машыны, праўда, у горадзе вадзіліся, але рухаліся яны нетаропка i паважна.

— Можаце вы ездзіць хоць крышачку хутчэй?! — абураўся горад-малютка.

— А куды спяшацца ў такім невялічкім горадзе? — дзёрзка адказвалі лянівыя машыны.

У гарадка была мара — мець хаця б адзін заводскі комін. Комін павінен дыміць i сцвярджаць годнасць горада. А пакуль што гарадок быў маленькі, чысты i квітнеючы. Людзі бадзёра крочылі па трох яго вуліцах, але таксама ніколі i нікуды не спяшаліся. Жыла сярод ix i адна працавітая бабулька, у якой, вядома ж, былі ўнукі, але жылі яны ў іншым, вялікім i шумным, горадзе, з сотнямі дымных каміноў i хуткіх машын. Таму, калі ўнукі прыязджалі да бабулі, гарадок з прагнасцю слухаў ix размовы (ён так марыў стаць вялікім, сапраўдйым горадам!).

Але ўнукі гасцявалі рэдка, нават вельмі рэдка, i старая бавіла свой час, працуючы ў садзе. Там раслі цюльпаны, астры, ружы, нарцысы, півоні. Асабліва шмат было незабудак. Ды вось аднойчы ўбілася ў сад суседская карова i з'ела ўсе незабудкі. Уцалела толькi адна — белая. Відаць, карова палічыла, што незабудкі бываюць толькі блакітныя, таму не звярнула на яе ўвагі. Бабуля любіла Белую Незабудку, клапатліва даглядала i любавалася ёю кожную раніцу. Суседкам яна тлумачыла, што Белая Незабудка нагадвае ёй далёкае юнацтва.

Незабудка таксама любіла сваю гаспадыню: заўсёды, калі бабуля падыходзіла, хіліла да яе галоўку. Наогул, незабудкі — пяшчотныя, сціплыя кветкі. I Белая Незабудка не была выключэннем — яна ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя якасці сваіх родзічаў i ніколі не фанабэрылася перад ішнымі кветкамі.

Раней непадалёк ад яе жыў Пырнік — дасціпны весялун i цікавы апавядальнік. Кветкі хавалі яго ад бабулі, а ён сваімі выдумкамі хоць трохі ажыўляў ix аднастайныя дні. Усё ж старая знайшла яго, вырвала з коранем i выкінула за плот. Цяпер кветкі сумавалі.

Але аднойчы да ix завітаў нечаканы госць.

Да бабулі прыехалі ўнук з унучкай. У першы ж дзень яны выправіліся на прагулку (жыхары вялікіх i дымных гарадоў вельмі любяць загарадныя прагулкі) i вярнуліся з вялізным букетам палявых кветак. Калі ішлі паўз агародчык, з букета ўпаў на зямлю Званочак, а можа, i знарок выскачыў. Дзеці гэтага не заўважылі i пайшлі далей. Званочак паспеў толькі паківаць услед сваім палявым i лугавым сябрам галоўкай — так званочкі развітваюцца.

Бабульчыны кветкі са здзіўленнем пазіралі на прыхадня — ён быў такі маленькі i жвавы!

— Ты адкуль? — пацікавілася Півоня.

— Адтуль, дзе гуляе вецер, дзе шчодра свеціць сонца, дзе грымяць навальніцы,— весела празвінеў Званочак.

— Але ж i ў нас ёсць сонца, ёсць вецер, i ў нас бываюць навальніцы з маланкамі i перуном! — здзівіліся кветкі.

— Не, гэта зусім не тое!— адказаў Званочак і, азірнуўшыся, дадаў: — Высокі плот ахоўвае вас ад ветру, дом затуляе ад граду i навальніцы. Градкі вашы заўсёды паліваюць, таму вы не звяртаеце ніякай увагі на сонца i хмары.

— Няпраўда. Я вельмі люблю сонца. Яно такое ласкавае i прамяністае. Яно... як кветка,— ледзь чутна прашаптала Белая Незабудка.

Але Званочак пачуў яе ціхі голас i адмоўна заківаў галавой:

— Ты жывеш на градцы. Цябе не палохаюць ні дажджы, ні засухі. А мы, палявыя кветкі, можам загінуць ад лішняй вады, калі не будзе свяціць сонца, i без вады — ад яго спякотных промняў.

— A хіба можна жыць без людскога дагляду, без увагі, без плота?! — здзівіліся астатнія кветкі.

— Дурненькія, вядома, можна! Спачатку ж з'явіліся на Зямлі кветкі, а потым ужо людзі з лейкамі i парканамі.

— Там, папэўна, ёсць i сапраўднае каханне,— уздыхнула Разбітае Сэрца.

I тады Званочак пачаў распавядаць пра сваю радзіму: пра братоў-званочкаў, пра вясёлы лёткі вецер, пра жаўрука, пра пчол i прыгожых матылькоў, пра дзікіх аленяў i пра тое, як страшна дрыжыць зямля пад капытамі коней...

A калі ён скончыў свой ановяд, клапатліва дагледжаная, засцеражоная ад усіх нечаканасцей Белая Незабудка сказала:

— Я хачу ўсё гэта пабачыць сама. Людзі кажуць: у нашым садзе прыгожа. Але тое, пра што ты распавядаў, у тысячу разоў прыгажэй. Вецер, сонца, жаўрукі, дзікія алені, засухі i праліўныя дажджы, бясконцая песня званочкаў... Не, цяжка паверыць, што такое існуе нa свеце. A калі ўсё ж існуе, я абавязкова павінна ўбачыць гэта сама.

— Ты наўрад ці выжывеш там,— асцярожна запярэчыў Званочак.

Але ні ён, ні іншыя кветкі пе здолелі адгаварыць Белую Незабудку. Раніцай яны ca Званочкам вырашылі пусціцца ў падарожжа.


* * *

Кветкі прачынаюцца ў розны час — адны раней, другія пазней. Але той раніцай прачнуліся ўсе разам. Званочак i Незабудка прамыліся расой i сабраліся ў дарогу. Кветкі сказалі ім на развітанне шмат сардэчных i шчымлівых слоў (яны ж так любілі сваю Белую Незабудку!). Ей таксама было сумна развітвацца з сябрамі. I яшчэ з бабуляй. Але наперадзе чакала невядомая, чароўная краіна, i гэта ўсяляла бадзёрасць i надавала сілы.

Горад яшчэ спаў (яму снілася адразу сем вялізных заводскіх каміноў, i таму ён нічога не заўважаў), калі веснічкі адчыніліся i пажадалі сябрам шчаслівай дарогі. I толькі стары плот панура маўчаў. Яно i зразумела, бо кожныя дзверы заўсёды адкрываюць штосьці новае, а кожны плот штосьці хавае.

Сябры рушылі ў дарогу.

Была сонечная раніца, крыху халаднаватая, з бязлюднымі вулкамі. Лёгкі ветрык павяваў насустрач сябрам i даносіў пахі той незвычайна-прыгожай краіны, куды яны ішлі. Здавалася, увесь свет яшчэ спаў разам з горадам, i толькі па вузенькай шашы, пасярод гэтай соннай неабсяжнасці ішлі дзве бясконца маленькія істоты з бясконца вялікай марай...

З-за павароту ляніва выкацілася шэрая машына, у якой сядзеў заспаны шафёр. Машына фыркала — яна была незадаволена тым, што яе так рана пабудзілі i прымусілі працаваць.

Машына не заўважыла Незабудку i Званочка (а можа, i заўважыла, хто ведае?), а сябры ўбачылі жалезнае страшыдла вельмі позна: яно ўжо насоўвалася прама на ix. Званочак закрыў сабой Белую Незабудку (о наіўнае, бездапаможнае, вялікае высакародства!), i тут жа яны абое былі расціснуты бяздушным колам з сінтэтычным пакрыццём.

— Бывай, сонца!.. Бывай, Званочак! — паспела толькі прашаптаць Белая Незабудка i ператварылася ў бясформеннае месіва пялёсткаў. Званочак памёр моўчкі, без адзінага звону.

Калі гарадок прачнуўся i ўбачыў расцёртыя коламі кветкі, ён не мог утрымацца ад абурэння:

— Ай-яй-яй! Мая адзіная шаша засмечана!

I тут жа спалохаўся:

— А раптам хтосьці з іншага горада ўбачыць гэта i скажа, што я зусім не горад, калі на маіх вуліцах валяюцца кветкі? Што будзе тады?

Небарака. Ён нават i не здагадваўся, што вялікія гарады з сотнямі дымных заводскіх каміноў, з тысячамі імклівых машын бачаць у снах кветкі. I ён загадаў дворніку змесці прах Незабудкі i Званочка з шашы.


* * *

На лузе, звычайна каля ракі i непадалёку ад горада альбо вёскі, сярод зялёных i рыжых траў, сярод палявых кветак i хмызнякоў, можна ўбачыць (калі пашчасціць) адну ці некалькі незабудак. Незабудкі гэтыя, вядома, не такія прыгожыя, як свойскія, але тут, сярод жывой прыроды, яны выглядаюць каралевамі, неяк асабліва пранізліва радуюць чалавечае вока.

Ніхто ix не палівае, ніхто пра ix не клапоціцца, яны пакутуюць i ад засухі, i ад праліўных дажджоў, свавольнік вецер калашмаціць ix грыўкі. Раніцай ix будзіць празрысты спеў жаўрука, а засыпаюць незабудкі пад калыханку салаўя. I ім вельмі страшна, калі побач праносіцца табун коней. А навакол — тысячы палявых кветак: рамонкаў, смалянак, дзьмухаўцоў, васількоў і, канечне ж, званочкаў.

Дык што ж, значыць, Белая Незабудка ca Званочкам зусім не загінулі?! Хто яго ведае? Можа, іншая Незабудка збегла ад іншай бабулі з іншым Званочкам i дабралася да той незвычайна-прыгожай краіны, такой ваблівай i жаданай. Можа, проста зярнятка хатняй незабудкі занесла ветрам на луг, i яно там цудам прарасло. А можа, якісьці добры чалавек, крыху дзівак, пасадзіў тут гэтыя кветкі.


ВОГНЕННАЕ ДРЭВА


Стары магутны Дуб з густой раскідзістай кронай рос крыху паводшыбе ад лесу. Крона яго служыла надзейным прытулкам мноству птушак. Птушкі паважалі i любілі свайго гаспадара, «дзядзечка Дуб» звалі яны яго.

Але раптам Дуб пачаў сохнуць.

— Што здарылася, дзядзечка Дуб? — пыталіся птушкі i малыя дрэўцы.

А Дуб i сам не ведаў, што з ім такое.

— Ломіць i млее ўсё, як грызе што,— пажаліўся ён свайму старому сябру Каршуку.

Каршук спалохаўся i паляцеў шукаць Дзятла. Дзяцел агледзеў Дуб i таксама спалохаўся: